СТАФА́Н БАТО́РЫЙ, Сцяпан Батура (венг. Istwan Bathory, польск. Stefan Batory; 27.9.1533, Шомліо, цяпер Румынія — 12.12.1586),
дзяржаўны дзеяч, палкаводзец, трансільванскі князь [1571—86], вял. князь ВКЛ і кароль польскі [1576—86]. Паходзіў са стараж. венгерскага роду Баторыяў Шомліо. З 15 гадоў на ваен. службе ў караля Чэхіі і Венгрыі Фердынанда I. Пазней служыў у трансільванскага князя Янаша Жыгманда Запальяі (Іаана Сігізмунда Запольскага). Пасля смерці Янаша Жыгманда (1571) князь Трансільваніі. Пасля таго, як прэтэндэнт на каралеўскі трон Рэчы Паспалітай Генрык Валезы ўцёк з Кракава (1574), С.Б. пры дапамозе магнатаў Збароўскіх і інш. выставіў сваю кандыдатуру на трон Рэчы Паспалітай. На элекцыйным сойме 15.12.1575 насуперак сенату, які абвясціў каралём Максіміляна II, дробная шляхта абвясціла С.Б. каралём Рэчы Паспалітай. Каранаваўся ў Кракаве 1.5.1576. Пасля доўгіх перагавораў з прадстаўнікамі ВКЛ і пасля таго, як граматай ад 29.7.1576 прызнаў, што Польшча і ВКЛ з’яўляюцца раўнапраўнымі дзяржавамі ў складзе федэратыўнай дзяржавы, абавязаўся захоўваць самастойнасць ВКЛ, пашыраць яго межы, не прызначаць военачальнікамі ў ВКЛ палякаў, агульныя соймы склікаць па чарзе то ў Кароне (Польшча), то ў Княстве (ВКЛ), С.Б. быў абвешчаны вял. князем ВКЛ. У далейшым кожны трэці сойм Рэчы Паспалітай адбываўся ў Гродне. У 1579—82 удзельнічаў у Лівонскай вайне. У выніку шэрагу паспяховых аперацый вярнуў ВКЛ Полацк і Вялікія Лукі. Аблога Пскова скончылася безвынікова, аднак паскорыла заключэнне 10-гадовага Ям-Запольскага мірнага дагавора 1582 і заканчэнне вайны. Імкнуўся да ўмацавання каралеўскай улады, разам з тым падтрымліваў шляхту. Замест каралеўскага суда зацвердзіў для яе ў якасці вышэйшай суд. інстанцыі шляхецкія выбарныя трыбуналы (для шляхты Польшчы ў 1578, для шляхты Літвы і Беларусі ў 1581). У 1584 афіцыйна абяцаў зацвердзіць папраўкі да Статута Вялікага княства Літоўскага 1566. Прывілеем ад 1.4.1579 пераўтварыў Віленскі езуіцкі калегіум у акадэмію (пазней — Віленскі універсітэт), даў дазвол на заснаванне езуіцкіх калегіумаў у Полацку (1581), Рызе (1580), Дэрпце (Тарту, 1584). Імкнуўся да мірнага вырашэння ідэалагічных канфліктаў. Сваю рэзідэнцыю трымаў у Гродне. Тут прымаў пасольствы рускае (1581) і англійскае (1584), правёў раду сенатараў для разгляду дамаганняў Швецыі (1582). Памёр у Гродне.